У Мазыры вядзецца крымінальная справа супраць палітзняволенай Аксаны Аўчынскай
Цімур Казачэнка
30.09.2022
>
Жыхарка Мазыра абвінавачаная ў тым, што даслала інфармацыю аб перасоўванні
расійскіх вайскоўцаў Тэлеграм-каналу "Беларускі гаюн", які публікуе
звесткі аб перасоўванні расійскіх войск па тэрыторыі Беларусі, і ўнесены
ўладамі ў спіс экстрэмісцкіх.
23-гадовая Аксана Аўчынская
была затрымана 9 чэрвеня і змешчана ў СІЗА-3 ў Гомелі. 8 ліпеня праваабаронцы
прызналі яе палітычнай зняволенай. Звесткі аб яе месцы ўтрымання на цяперашні
час удакладняюцца.
Як і ў іншых выпадках, калі людзі, якія праяўляюць салідарнасць з
Украінай, абвінавачваюцца ў перадачы звестак «Беларускаму гаюну», справа
супраць Аксаны вядзецца паводле
часткі 1 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса –
«Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». За гэта прысуджаюць да 6 год
пазбаўлення волі. За апошнія месяцы вынесена ўжо некалькі прыгавораў.
Пасля масавых пратэстаў, якія адбыліся ў краіне ўслед за
прэзідэнцкімі выбарамі 2020 г., беларускія ўлады
імкнуцца ўнесці ў «экстрэмісцкі спіс» як мага больш сайтаў і інтэрнет-каналаў.
Гэта дае нагоду пакараць любога, хто размясціць там якую-небудзь інфармацыю.
Нагадаем, што з 24 лютага расійскія войскі ўварваліся ва Украіну,
у тым ліку, са згоды беларускіх уладаў, з Гомельскай вобласці. Пасля таго, як гэтая
расійская групоўка была спыненая і панесла значныя страты на падыходах да
Кіева, яе да канца сакавіка вывелі назад у Беларусь.
28 верасня сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў у інтэрвію тэлеканалу
«Настоящее время» заявіў: «Калі з боку Беларусі будуць ісці
войскі, як гэта было 24 лютага, яны атрымаюць такі адказ, на які не
разлічвалі».
На здымку: Аксана
Аўчынская.