Палітвязня з Мазыра асудзілі за дыскрэдытацыю Беларусі і абразу Лукашэнкі

Жорж Кунцэвіч 12.09.2022

>>

Суд Мазырскага раёна 7 верасня вынес прысуд палітзняволенаму Яраславу Пашкову. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага  кодэкса) і абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368).

Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Яраслаў Пашкоў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Аднак пад час следства дадалі новае абвінавачанне.

Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА № 3 Гомеля.

У лісце на волю Яраслаў напісаў, што 3 сакавіка 2022 г. памерла ягоная маці.

Жыхар райцэнтра ў сацыяльных сетках пакідаў каментары абразлівага характару ў дачыненні да Лукашэнкі. Таксама хлопец абвінавачваўся ў здзяйсненні дзеянняў, якія дыскрэдытуюць Беларусь, піша "Вясна".

Судовы працэс пачаўся 30 жніўня.

У судзе віна Пашкова была цалкам даказаная. Яму прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і 9 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, па рашэнні суда ён павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).

На фота: Яраслаў Пашкоў.