На жыхара Рэчыцы завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі
Палеская Вясна
24.01.2021
>
Як стала вядома
Палескай Вясне, зараз мужчына затрыманы.
Крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Міхалкі з Рэчыцы заведзеная яшчэ 27 лістапада мінулага
года. У 20-х чыслах снежня яго затрымалі.
Як лічаць у Следчым камітэце, яшчэ 1 верасня 2020 года
Уладзімір Міхалка, у час, калі ў дачыненні да яго вёўся адміністрацыйны працэс,
на вуліцы Савецкай, у раённай лякарні, у будынку РАУС і ў іншых грамадскіх
месцах у прысутнасці іншых грамадзян шматкроць публічна ў слоўнай форме
выказваў абразы на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле звестак
следчых, Міхалка ў гэты час знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Пра ўчынак Міхалкі ўзгадалі толькі амаль праз тры месяцы,
калі раённы аддзел Следчага камітэту завёў ў дачыненні да яго крымінальную
справу паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. На той час
Уладзімір Міхалка хаваўся і адразу затрымаць яго міліцыянтам не ўдалося.
21 снежня 2020 года следчы ў асабліва важных справах
Рэчыцкага раённага аддзелу Следчага камітэта Дзмітрый Локцеў вынес пастанову аб правядзенні ператрусу ў адным з
прыватных дамоў, дзе на ягоную думку мог хавацца Міхалка. Там яго знайшлі і
затрымалі.
Паводле звестак праваабаронцаў, зараз Уладзімір Міхалка ўтрымліваецца
ў Гомельскім СІЗА. Згодна з часткай 1 артыкула 368 мужчыну можа пагражаць да
двух гадоў зняволення.