У Петрыкаве мужчыну прысудзілі два гады абмежавання волі за тое, што крыкнуў непрыстойнае слова на МУСаўцаў, калі яны яго збівалі
Палеская Вясна
10.09.2021
Інцыдэнт, за які
асудзілі петрыкоўца, адбыўся ў лістападзе мінулага года. Тады да ягонага брата
прыйшлі з ператрусам некалькі карнікаў з мясцовай філіі МУС. Яны шукалі нейкія
бензапілы.
Брат патэлефааваў Дзмітрыю
Ляўковічу і паведаміў, што ў ягоным падворку адбываецца ператрус. Дзмітрый
прыехаў і пачаў здымаць тое, што адбываецца ў прыватнай уласнасці брата, на
відэакамеру.
Даведка: Згодна
з артыкулам 5 лукашысцкага Закона «Аб органах унутраных справаў», дзейнасць органаў унутраных справаў з'яўляецца галоснай,
адкрытай для грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі ў той меры, у якой гэта не
супярэчыць патрабаванням крымінальна-працэсуальнага заканадаўства,
заканадаўства, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, заканадаўства
аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, аб персанальных дадзеных, аб абароне
дзяржаўных сакрэтаў, аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.
Невядома, што такога, за што было б сорамна потым міліцыянтам, яны
збіраліся рабіць на падворку Ляўковіча старэйшага, але яны ані не хацелі, каб
брат абшукваемага здымаў іхнія, нібыта законныя, дзеянні на відэа. У выніку
ўсчалася штурханіна, падчас якой двое карнікаў павалілі Дзмітрыя на зямлю,
закруцілі рукі, і адзін з лукашыстаў пачаў з асаблівай жорсткасцю біць яго
нагой у галаву, якую той спрабаваў узняць з халоднай лістападаўскай зямлі. Таксама
міліцыянты ўжылі да чалавека, які ажыццяўляў сваё права на збор і распаўсюд
інфармацыі, пярцовы газ, а той, што збіваў яго, яшчэ і дастаў пісталет і пачаў
пагражаць іншым сваякам. Гэта ўсё трапіла, усё ж, на відэа (увага, прысутнічае ненарматыўная лексіка!), якое пазней было
змешчана на YouTube-канале Ляўковіча.
Скрын-шоты з відэа, знятага Ляўковічам.
Пасля такога жорсткага затрымання Дзмітрыя Ляўковіча завезлі ў лякарню са
страсеннем мазгоў ды мноствам гематомаў. Пасля таго, як ён ачуняў, яго ўлады
зняволілі на 15 содняў за непадпарадкаванне міліцыянтам. Увесь тэрмін
зняволення ён адбыў.
Сёлета ў жніўні распачаўся суд паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу.
Міліцыянты, якія збілі Дзмітрыя, адчулі сябе абражанымі тым, што падчас збіцця,
ён крыкнуў «Адпусціце, п***ры!». Пацярпелымі
аказаліся дое супрацоўнікаў карнага органу лукашэнкаўскага рэжыму, якія маюць
прозвішчы Аскерка і Сярапін. Яны звярнуліся ў суд з заявай аб абразе. Акрамя
таго, што ім карцела прыцягнуць Ляўковіча да крымінальнай адказнасці, яны яшчэ
і запатрабавалі ад яго кампенсацыю маральнай шкоды па 500 рублёў кожны.
Скрын-шот з відэа, знятага Ляўковічам.
Пракурорка Фіцнер запатрабавала для Ляўковіча пакаранне ў выглядзе 1,5 года
абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Але ў
выніку яму суддзя Федаровіч прысудзіў 2 гады абмежавання волі без накіравання ў
ПУАТ.